Лаўцы пульсацый

Літаратуразнаўца і загадчык кафедры Гомельскага універсітэта Іван Штэйнер вырашыў развітацца са словам — тым, якое мы называем бессмяротным. Але прафесар Штэйнер напісаў кнігу «Пахвала слову, што сыходзіць» — дык няўжо ставіць пад сумнеў яго вечнае жыццё? Пры тым, што сам — пісьменнік... Нейкі тут падвох. Альбо хітрая правакацыя? Насамрэч шмат пытанняў наконт будучыні тых, хто піша і чытае. Чым каштоўная літаратура наогул і беларуская ў прыватнасці? Чаму творы мінулага адгукаюцца сёння? Што можа даць прыгожаму пісьменству сучаснасць? Бываюць размовы, пасля якіх ўсе пытанні хочацца адкінуць, засяродзіўшыся на тым, што аднолькава турбуе і яднае з суразмоўцам: ці захаваецца наша кніжная цывілізацыя?

— Глебу для напісання кнігі мне дала сусветная літаратура, перш за ўсё еўрапейская, — гаворыць Іван Федаравіч. — Я звяртаюся да формы панегірыка — пахвалы. Раней было так, што калі заслужаны чалавек паміраў, то над ім павінны былі выступаць з пахвальным словам. Я выкарыстоўваю такую метафару невыпадкова: часта даводзіцца чуць, што надышоў канец літаратуры, нам трэба сказаць ёй «дзякуй» і паставіць кропку на яе развіцці. Бо эпоха Гутэнберга, якая пачалася ў 1456 годзе, завяршаецца. Гэта была эпоха слова…

Падрабязней